Андрэй Сахараў
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Андрэй Дзьмітрыевіч Сахараў (па-расейску Андрей Дмитриевич Сахаров, 21 траўня 1921, Масква - 14 сьнежня 1989, тамсама) - савецкі фізык, дысыдэнт і праваабаронца.
Сахараў нарадзіўся ў сям'і настаўніка фізыкі. У 1938 г. з адзнакай скончыў школу і паступіў на фізычны факультэт МДУ, які скончыў на выдатна ў эвакуацыі ў Ашгабадзе ў 1942 г.
У верасьні 1942 г. Сахараў быў накіраваны на ваенны завод на Волзе, дзе працаваў інжэнэрам. Пасьля некалькіх пасьпяховых публікацый Сахараў у 1945 быў залічаны ў Фізычны інстытут Акадэміі Навукаў СССР.
У 1948 г. Сахараў быў уключаны ў навукова-дасьледчую групу па распрацоўцы тэрмаядзернае зброі, дзе цягам наступных гадоў працаваў над звышсакрэтнымі савецкімі абарончымі праектамі. У 1950 г. разам з акадэмікам І.Е. Тамам Сахараў распрацаваў ідэю магнітнага тэрмаядзернага рэактару, які лег у аснову кіраванага тэрмаядзернага сынтэзу. У 1953 г. СССР пасьпяхова выпрабаваў першую вадародную бомбу. Сахараў стаў акадэмікам, тройчы Героям сацыялістычнае працы (1953, 1956, 1962), ляўрэатам Сталінскае (1953) і Ленінскае (1956) прэміяў.
У 1953-1968 гг. грамадзка-палітычныя погляды Сахарава моцна зьмяніліся. Займаючыся праблемамі ўплыву радыяцыі на спадчыннасьць, Сахараў стаў адным зь ініцыятараў Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў у трох асяродзьдзях. У 1964 і 1965 ён выступаў супраць магутнага Т.Д. Лысенкі, які не даваў разьвівацца навукам, у прыватнасьці генэтыцы. У 1966 г. Сахараў падпісаўся ў калектыўным лісьце 23 зьезду КПСС супраць адраджэньня культа Іосіфа Сталіна, зьвяртаўся да ўладаў з пратэстамі супраць перасьледу іншадумцаў, патрабаваў адмены сьмяротнага пакараньня, рэгабілітацыі дэпартаваных народаў.
У 1968 г. Сахараў быў адхілены ад сакрэтнае працы за публікацыю крытычнага артыкулу. У 1969 г. амаль усе свае ашчаджэньні ён ахвяраваў на будаўніцтва анкалягічнае лячэбніцы і ў Чырвоны Крыж. У 1974 г. на атрыманую міжнародную прэмію Сахараў заснаваў фонд дапамогі дзецям палітзьняволеных. Ён бараніз правы чалавека, ня гледзячы на папярэджаньні і пагрозы ўладаў. Адкрыты ціск на яго пачаўся ў 1973 годзе.
У 1975 г. Сахараў атрымаў Нобэлеўскую прэмію міра. У 1979, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Аўганістан, Сахараў тройчы выступаў з крытыкай інтэрвэнцыі, і заклікаў савецкіх кіраўнікоў вернуць войскі на радзіму.
22 студзеня 1980 г. ён быў арыштаваны і сасланы з жонкай у горад Горкій, дзе быў памешчаны пад хатні арышт. Сахараў тройчы (у 1981, 1984 і 1985) абвяшчаў галадоўку, якая заканчвалася гвалтоўным кармленьнем у шпіталі.
У ссылцы Сахараў напісаў адну зь яго асноўных грамадзкіх працаў - "Небясьпека тэрмаядзернае вайны", дзе ён прапанаваў канкрэтныя крокі агульнага раззбраеньня.
Пасьля прыходу да ўлады Міхаіла Гарбачова ў 1985 Сахараў быў вернуты ў Маскву. У 1989 ён быў абраны народным дэпутатам СССР і актыўна выступіў супраць даыктатуры КПСС, за ідэалягічны плюралізм, рынкавую эканоміку, пры гэтым працягваючы заставацца барацьбітам за маральнасьць у палітыцы. Сусьветна вядомы навуковец, сябра шматлікіх навуковых аб'яднаньняў розных краінаў сьвету, Сахараў быў абраны ў склад камісіі па выпрацоўцы новае дэмакратычнае канстытуцыі і пасьпеў выказаць сваю візію дзяржаўнага і эканамічнага ладу краіны.
Андрэй Сахараў памёр напрыканцы 1989 году ад інфаркту. Яго здароўе было падарванае яшчэ з часоў ссылкі ў Горкім.
Эўрапарлямэнт з 1985 г. уручае Прэмію імя Сахарава людзям і арганізацыям, якаія займаюцца абаронай правоў чалавека. Імём Андрэя Сахарава названыя плошчы ў Эрыване і Нюрнбэрґу