Канасамэнт
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Канасамэнт — дакумэнт, які выдаецца перавозчыкам (звычайна марскім) тавару адпраўніку грузу, які засьведчае прыняцьце грузу да перавозкі і зьмяшчае абавязальніцтва перавозчыка выдаць груз у азначаным мейсцы трымальніку канасамэнту.
У гандлёвым абарачэньні канасамэнт — найважнейшы юрыдычны дакумэнт, які засьведчывае наяўнасьць дамовы перавозкі і канкрэтызуе ўмовы гэтае дамовы.
Канасамэнт ёсьць каштоўнай паперай, якая перадаецца па правілах перадачы каштоўных папераў (іменны, ордэрны канасамэнт альбо канасамэнт на прад'яўніка) і раўназначная перадачы грузу. Застрахаваны канасамэнт уключае таксама страхавы поліс.
Канасамэнт павінен уключаць наступныя дадзеныя:
- перавозчык і мейсца яго знаходжаньня
- порт пагрузкі паводле дамовы, дата прыёму грузу перавозчыкам
- адпраўнік, мейсца яго знаходжаньня
- порт прызначэньня згодна дамове
- атрымальнік, калі такі пазначаны ў дамове
- найменьне грузу, неабходныя для ідэнтыфікацыі грузу маркі, аб'ём ці колькасьць грузу
- зьнешні стан грузу і яго пакунку
- фрахт у памеры, у якім яго мае плаціць атрымальнік
- колькасьць арыгіналаў канасамэнту, калі іх больш, чым адзін
- подпіс перавозчыка ці асобы, што дзейнічае ад яго імя
Па пагадненьню паміж бакамі ў канасамэнт могуць быць уключаныя іншыя дадзеныя.
Канасамэнт, падпісаны капітанам караблю, лічыцца падпісаным ад імя перавозчыка. Пасьля таго, як груз паладаваны на карабель, перавозчык па патрабаваньню адпраўніка аддае яму бартавы канасамэнт, у якім дадаткова пазначаецца, што груз знаходзіцца на борце пэўнага караблю ці караблёў, а таксама дата ці даты пагрузкі.