Міхаіл Кахановіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Кахановіч, Міхаіл Сілуянавіч (27 верасьня 1882 – 17 траўня 1934) — палітычны дзеяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст.
Нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Лукі Наваградзкага павету Менскай губэрні, цяпер Баранавіцкі раён. У 1910 годзе скончыў Харкаўскі ўнівэрсытэт. Да Першай сусьветнай вайны выкладаў гісторыю ў расейскіх гімназіях Вільні, зьяўляўся сапраўдным сябрам Паўночна-Заходняга аддзелу Расейскага Імпэратарскага геаграфічнага таварыства. Зь лета 1915 году жыў у Магілёве, працаваў выкладчыкам Магілёўскай рэальнай вучэльні. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Магілёве, адзін з лідэраў тамтэйшага беларускага руху. У 1917 годзе рэдактар газ. «Могилевские известия». Улетку 1918 году выехаў у Вільню; з 1919 году кіраўнік школьнага аддзелу Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У 1919 – 1922 гадах першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцьці», «Беларускіх ведамасьцях» і іншых. Аўтар успамінаў пра Івана Луцкевіча (апублікаваныя ў зборніку: «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці яго», 1920). У лістападзе 1922 годзе абраны дэпутатам ў Сэйм Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клюбу. Прытрымліваўся прынцыпу беспартыйнасьці. У 1925 годзе пераяжджае ў БССР. Працаваў у рэдакцыях газэт «Савецкая Беларусь» і часопісу «Савецкае будаўніцтва»; у выдавецтвах; займаўся перакладамі. Арыштаваны ГПУ БССР 11 жніўня 1933 году па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 году прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956.
[рэдагаваць] Творы
- Магілёўцы і незалежнасьць (мае ўспаміны) // Газэта «Наша Думка», Вільня, 25 сакавіка 1921 №12 (Спадчына 6/1997)
- Здрада ў Вільні: (Да 10-х угодкаў Віленскай беларускай гімназіі) // Асьвета. 1929, №4.
Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- ЭГБ, т. 4.