Рэакцыя Манту
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Рэакцыя Манту, Проба Манту (іншыя назвы: спроба Піркэ, тубэркулінавая проба, тубэркулінадыягностыка) — мэтад дасьледаваньня напружаннасьці імунітэту ад узбуджальніка тубэркулёзу (сухотаў) з дапамогаю ацэнкі рэакцыі на адмысловы прэпарат мікрабактэрыяў (тубэркулін).
Клясычны кшталт тубэркуліну быў вынайдзены ў 1890 годзе знаным нямецкім лекарам Робэртам Кохам. Аўтарам мэтаду тубэркулінадыягностыкі на аснове ўжываньня тубэркуліну Коха для дыягностыкі сухотаў, належыць Піркэ (1907). На ўвярэджаную адмысловым сьвярдзёлкам скуру наносіўся тубэркулін. Зь цягам часу гэты мэтад быў мадыфікаваны і ўвярэджаньне скуры сталі рабіць адмысловым лянцэтам. Блізу так выглядае спроба Піркэ і ў нашы дні. Францускі лекар Шарль Манту (Charles Mantoux) прапанаваў іншую мадыфікацыю спробы — унутрыскурныя ўводзіны тубэркуліну. Проба ў мадыфікацыі Манту стала выкарыстоўваецца ў Беларусі з 1965 году.
Рэакцыя Манту ёсьць рэакцыяй на ўводзіны тубэркуліну. У месцы ўводзінаў прэпарата ў скуру ўзьнікае своеасаблівае запаленьне, якое выклікаюцца інфільтрацыяй Т-Лімфацытамі — спэцыфічнымі клеткамі крыві, адказнымі за клеткавы імунітэт. Фрагмэнты мікабактэрыяў быццам прыцягваюць да сябе лімфацыты з блізулеглых крывяносных ссудзінак скуры. Рэагуюць ня ўсе Т-лімфацыты, а толькі тыя, што ўжо цалкам ці часткова «знаёмыя» з палачкай Коха. Калі арганізм «знаёмы» з сапраўднай мікрабактэрыяй тубэркулёзу, дык такіх лімфацытаў будзе болей, запаленьне больш інтэнсіўным, а рэакцыя будзе станоўчай, то бок мела месца інфікаваньне палачкай Коха. Мераючы лінейкай дыямэтар папулы (запаленчай «бляшкі» ці «гузіка»), ацэньваюць напружанасьць імунітэту ад тубэркулёзнай палачкі.