Стэфан Баторы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Стэ́фан Баторы (Стафан Баторы, па-ўгорску — Báthory István) (27 верасьня 1533 – 12 сьнежня 1586) — кароль Рэчы Паспалітай, вялікі князь Літоўскі.
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся на тэрыторыі Румыніі. Паходзіў са знакамітага ўгорскага роду Баторых, зь лініі Шомліа (z Somlyó). З 15 гадоў знаходзіўся на вайсковай службе ў караля Чэхіі і Вугоршчыны Фэрдынанда. Разам зь ім быў у Італіі, вучыўся ў Падуі. Служыў у семігродзкага князя Януша Зыгмунда Запольі, быў паслом пры імпэратары Максыміліяне Другім. Пасьля разрыву адносінаў паміж гэтымі краінамі немцы тры гады трымалі яго закладнікам.
Пасьля сьмерці Запольі стаў князем Семігродзя. Калі кароль Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага Генрых Валуа ўцёк у Францыю, Стэфан Баторы выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай і быў выбраны ў сьнежні 1575 году, каранаваны 1 траўня 1576 году. З чэрвеня 1576 году — вялікі князь Літоўскі.
Пры ім кожны трэці сойм праходзіў у Горадні. Замест каралеўскага суда як вышэйшай судовай інстанцыі былі зацьверджаныя шляхецкія выбарныя трыбуналы.
Сваю рэзыдэнцыю Стэфан Баторы трымаў у Горадні, у Старым замку. Жыхарам Горадні ён даў пэўныя ільготы. Падтрымліваў сяброўскі адносіны з Каспарам Бекешам.
Мудры палітык, выдатны дзяржаўны дзяяч і здольны военачальнік, Стэфан Баторы зрабіў значны ўклад ва ўмацаваньне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняцьцю ейнага аўтарытэту ў Эўропе.
Памёр у Горадні. У сувязі з тым, што паміж прыдворнымі мэдыкамі ўзьніка спрэчка аб прычынах яго сьмерці, 14 сьнежня 1586 году ў Горадні было праведзенае першае на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы анатамаваньне ягонага трупа.
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
Папярэднік: Генрык Валезы |
Вялікі князь літоўскі 1576 - 1586 |
Наступнік: Жыгімонт Ваза |