Індакітай (фільм)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Інфармацыя пра фільм | |
---|---|
Беларуская назва: | Індакітай |
Арыгінальная назва: | Indochine |
Краіна: | Францыя |
Год выхаду: | 1992 |
Час: | 159 хвілін |
Мова: | француская, віетнамская |
Здымачная група | |
Рэжысэр: | Рэжы Варнье |
Сцэнар: | Эрык Арсэна, Луі Ґардэль, Катрын Кохен, Рэжы Варнье |
Прадусар: | Ален Бельмандо |
Кампазытар: | Патрык Дойль |
Апэратар: | Франсуа Катон |
Мантаж: | Агнэс Шваб, Жэнэўеў Вындынґ |
У ролях | |
|
Індакіта́й (па-француску Indochine) — француская гістарычная мэлядрама, зьнятая рэжысэрам Рэжы Варнье ў 1992 годзе, па арыґінальным сцэнары Эрыка Арсэна, Луі Ґардэля, і Катрын Кохен (Filmstudios Paradis Films, La Générale d’Images, Bac Films, Orly Films і Ciné Cinq, пры ўдзеле Canal Plus). Фільм атрымаў разнастайныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію «Оскар» (1992) як найлепшы фільм на замежнай мове. Бюджэт карціны склаў каля 13 мільёнаў даляраў.
Фільм распавядае пра лёс францускай плянтатаркі Эліан, яе прыёмнай в’ятнамскай дачкі Каміль і маладога францускага афіцэра Жана-Батыста. Падзеі адбываюцца напачатку 1930-ых гадоў ў кляніяльным францускім Індакітаі.
Зьмест |
[рэдагаваць] Сюжэт
Эліан Дэўры — багатая гаспадыня вялікай каўчукавай плянтацыі ў францускім Індакітаі, расьціць прыёмную дачку Каміль — в’етнамку з арыстакратычнай сям’і, чые бацькі, добрыя сябры Эліан, загінулі пры аварыі самалёта. Мадам Дэўры знаёміцца з маладым афіцэрам францускага каляніяльнага флёту — Жанам-Батыстам. Нягледзячы на вялікую розьніцу ва ўзросьце, і моцны супраціў Эліан сваім эмоцыям, паміж імі ўспыхвае гарачы раман. Аднак, захапленьне Жана-Батыста немаладой жанчынай, якая зьняла перад ім маску халоднай абшарніцы, празь некаторы час пачынае спадаць.
Аднаго дня, францускі паліцыянт, намагаючыся на вуліцы застраліць уцеклага зьняволенага, ледзь не патрапляе ў Каміль, якая губляе прытомнасьць. Жан-Батыст, які выпадкова аказваецца нездалёк, уносіць яе, але бачыць, што яна не параненая. Тым часам, прыйшоўшы ў сябе, маладая і рамантычная дзяўчына думае, што афіцэр выратаваў яе жыцьцё, і закахваецца ў яго.
Калі Дэўры чуе прызнаньне свае дачкі, яна, каб выратаваць яе ад няшчаснага каханьня, хадайнічае, каб афіцэра адправілі служыць на аддаленую загароду на поўначы калёніі. Каміль жа па старой дамове выдаецца замуж за Тана, маладога в’ятнамскага інтэлеґента з багатай сям’і, які вучыўся ў Парыжы і вельмі кахае дзяўчыну. Празь дзень пасьля вясельля Каміль кажа, што ідзе шукаць афіцэра, якому належыць яе сэрца. Тан хоча ёй шчасьця і не затрымлівае яе.
Каміль сустракае в’ятнамскую сям’ю, якая рушыць на поўнач у пошуках лепшага жыцьця. Па дарозе яна па-сапраўднаму знаёміцца са сваёй краінай, і бачыць, наколькі цяжкае жыцьце яе народа пад прыгнётам каляніялізму. Урэшце рэшт яны дасягаюць вострава, дзе служыць Жан-Батыст, ня ведаючы, што выспа выкарыстоўваецца ў якасьці рынку нявольнікаў. Мужа і жонку, зь якімі вандравала Каміль, разлучаюць, а дзяцей забіваюць. Жан-Батыст, які прыходзіць у той момант, бачыць дзяўчыну, і хоча яе забраць, аднак Каміль заўважае, што здарылася зь яе сябрамі. Пачынаецца беспарадак, у рукі Каміль патрапляе пісталет, і яна забівае аднаго з французаў.
Даведаўшыся пра гэта, Эліан хоча знайсьці і выратаваць дачку, аднак ня можа гэтага зрабіць, тым болей што цяпер яе шукаюць як забойцу. А Каміль і Жану-Батысту пасьля гэтага застаецца толькі ўцякаць. Пасьля доўгага дрэйфу ў лябірынце выспаў паўночнага Індакітаю, іх выратоўваюць камуністы. Цяпер каханыя разам, і Каміль цяжэе ад Жана. Тан, насамрэч адзін з кіраўнікоў камуністычнага падпольля, ведае пра іх, і хоча выратаваць іх жыцьці. Ён накіроўвае іх у Кітай разам з трупай вандроўнага тэатру. Аднак, недалёка ад мяжы, Жан-Батыст адзін зыходзіць пахрысьціць сваё дзіця, і арыштоўваецца жаўнерамі.
Афіцэр патрапляе ў астрог за дэзэртырства, а дзіця, якога назвалі Этыенам, забірае мадам Дэўры. Жана-Батыста часова «выпускаюць» і забіваюць францускія аґенты, а Каміль арыштоўваюць і саджаюць у турму, дзе яна таксама становіцца камуністкай. Празь некалькі гадоў яе выпускаюць, і ў Эліан атрымоўваецца хутка яе ўбачыць. Каміль плача, аднак кажа, што цяпер ужо нічога не вярнуць, і яна мусіць забыць мінулае, бо яно занадта балючае, а Індакітаю, які ведала Эліан, болей няма. Пасьля гэтага Дэўры прадае сваю плянтацыю, забірае Этыена, і назаўсёды зьяжджае ў мэтраполію.
Канец фільма адбываецца ў Жэнэве. Эліан распавядае ўсю гісторыю Этыену, цяпер ужо даросламу маладому чалавеку. На перамовах бягучага 1954 году Францыя мусіць афіцыйна прызнаць незалежнасьць В'етнаму. У складзе в’етнамскай дэлеґацыі знаходзіцца і маці Этыена, Каміль. Мадам Дэўры пытаецца, ці хоча ён убачыць яе, аднак яны абодва разумеюць абсурднасьць гэтага жаданьня, а Этыен кажа, што ў яго толькі адна маці — Эліан.
[рэдагаваць] Факты
- Валікамаштабная карціна здымалася пры падтрымцы Дзяржаўнага Цэнтру Кіно В'етнама.
- Зьняўшыся праз два гады пасьля «Індакітаю» ў фільме «Джаміла», Лін Дан Фам, якая з бацькамі пераехала ў Францыю ва ўзросьце аднаго году, з-за культурнага ціску з боку сям'і працягнула здымацца толькі празь дзевяць гадоў.
[рэдагаваць] Узнагароды
[рэдагаваць] Прэмія «Цэзар», 1993
- Найлепшая акторка (Катрын Дэнёв)
- Найлепшая акторка другога пляну (Дамінік Бланк)
- Найлепшыя дэкарацыі
- Найлепшая кінематаґрафія
- Найлепшы гук
- Намінаваўся ў катэґорыях
-
- Найлепшы фільм
- Найлепшы рэжысэр
- Найлепшы актор другога пляну (Жан Ян)
- Найлепшая акторка другога пляну (Дамінік Бланк)
- Найлепшая пачынаючая акторка (Лін Дан Фам)
- Найлепшая музыка
- Найлепшы дызайн касьцюмаў
- Найлепшы мантаж
-
[рэдагаваць] Прэмія «Оскар», 1992
- Найлепшы фільм на замежнай мове
- Найлепшая акторка ў галоўнай ролі (Катрын Дэнёв) (намінацыя)
[рэдагаваць] Прэмія БАФТА, 1994
- Найлепшы фільм не на анґельскай мове (намінацыя)
[рэдагаваць] Залаты Ґлёбус, 1993
- Найлепшы фільм на замежнай мове
[рэдагаваць] Прэмія Ґойя, 1993
- Найлепшы эўрапейскі фільм
[рэдагаваць] Іншыя ўзнагароды
National Board of Review, 1992
- Найлепшы фільм на замежнай мове
Political Film Society, 1994
- Узнагарода за дэмакратыю
- Узнагарода за правы чалавека (намінацыя)
[рэдагаваць] Кіналяпы
Падчас сцэны пажару на плянтацыі, Эліан праходзіць міма каляніяльных жаўнераў, якія трымаюць брытанскія стрэльбы №4. Аднак, францускія жаўнеры не карысталіся анґельскай зброяй, і акрамя таго, стрэльба тыпу 4, мадыфікацыя стрэльбы тыпу 1, зьявілася толькі ў 1939 годзе, у той час як дзеяньне ў фільме адбываецца напачатку трыццатых гадоў.